deo_gratias: (Default)
deo_gratias ([personal profile] deo_gratias) wrote2007-01-24 01:17 pm

(no subject)

Вось яшчэ адзін урывак з кнігі “Філатэя” сьв.Францішка Сальскага, дзень успаміну якога – сёньня, 24 студзеня. Гэта значыць, асаблівае сьвята ўсіх салезіянаў і салезіянак, назва якіх пайшла ад імені гэтага сьвятога. Таксама сьв.Францішак зьяўляецца апекуном… рэклямшчыкаў. Карацей, віншую нас усіх!!!

 

… Бог стварыў расьліны і загадаў ім прыносіць плады паводле свайго роду. Гэтак сама Бог хоча і ад хрысьціянаў, каб яны давалі плады рэлігійнасьці, кожны паводле сваіх здольнасьцяў і схільнасьцяў. У чалавека сямейнага, юнака, дзяўчыны, удаўца або ўдавы, асобы, якая працуе фізычна або разумова, таго, хто кіруе іншымі, ці таго, хто абслугоўвае, рэлігійнасьць прымае розныя формы.

 

Акрамя таго, яна павінна адпавядаць сілам, заняткам і абавязку кожнага чалавека. Падумай, Філатэя, што было бы, калі б біскуп аддаліўся ў кляштар, а рамесьнік праводзіў бы цэлыя дні ў касьцеле, як законьнік, а законьнік прымаў бы розных людзей, як біскуп. Ці не была б такая рэлігійнасьць няправільнай, сьмешнаю і невыноснаю? Тым ня менш, падобныя памылкі часта сустракаюцца, і людзі, што ня ўмеюць або ня хочуць адрозьніць рэлігійнасьць ад неўмеркаванасьці, сьмяюцца з рэлігійнасьці, якая не вінаватая ў гэтых непарадках. Памылкова лічыць, быццам рэлігійнасьці ня месца ў казармах для салдатаў. у майстэрні рамесьніка, на прадпрыемствах, ва ўрадавых установах.

 

Правільна, Філатэя, што рэлігійнасьці чыста кантэмпляцыйнай, кляштарнай там ня месца. Але ёсьць мноства іншых відаў рэлігійнасьці, якія пасуюць тым, хто вядзе сьвецкае жыцьцё і прагне хрысьціянскае дасканаласьці.

Абрагам, Ізаак, Якуб, Давід… Рэбэка і Юдыта – вось узор рэлігійнасьці Старога Запавету. У Новым Запавеце – сьв.Язэп, сьв.Лідзія былі надзвычай пабожнымі ў сваіх майстэрнях, сьвв. Моніка, Аквіла і Прысцыла – у сваіх сем’ях, сьвв. Сэбастыян, Морыс – у войску, сьвв. Канстанцін, Алена, Людовік, Эдуард – на каралеўскім пасадзе.

 

Адасабленьне спрыяе ўдасканаленьню, аднак былі і такія, якія не маглі дасягнуць дасканаласьці ў адасабленьні і дасягалі яе, знаходзячыся сярод людзей, у сьвецкай сумятні. якая, здавалася б, зусім не спрыяе ўдасканаленьню. Лот, кажа сьв.Рыгор, заставаўся чыстым сярод разбэшчанага гораду і зграшыў, будучы ў адзіноце. Дзе б мы ні знаходзіліся, мы можам імкнуцца да дасканалага жыцьця.