ДАВЯРАЦЬ...
Аб ласцы блізкасці Езуса ў балючых выпрабаваннях.
2. А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх
3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
4. І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:
5. сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,
6. і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.
7. Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
8. Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.
9. Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават большы за прарока.
10. Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
11. Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.
· Паспабую адчуць тое, што перажыў Ян Хрысціцель. Ён знаходзіцца ў вязніцы за адважнае абвяшчэнне праўды і клеймаванне зла. Заўважу, што ў гэтай драматычнай сітуацыі не перастае чакаць Езуса. Не засяроджваецца на сваім лёсе, ані на сваім цярпенні. Найважнейшае пытанне і жаданне яго жыцця, нават у вязніцы, застаецца нязменным (пар. ст. 2 – 3).
· Заўважу, што Ян, хоць і вёў жыццё, поўнае малітвы і пакуты, не быў пазбаўлены сумненняў у веры. Не хавае сваю няпэўнасць. Дык якія пытанні я хачу задаць Богу? Якія сумненні ў веры найбольш непакояць мяне? Ці я прызнаюся ў іх падчас малітвы?
· Выкажу перад Езусам тое, што найбольш мучае мяне ці абуджае мае сумненні ў веры. Выкажу асабліва тыя сумненні, да якіх да гэтага часу не прызнаваўся перад Ім.
· Езус не здзіўляецца пытанням вялікага прарока і не абураецца (пар. ст. 4 – 5). Ён не пакідае маіх пытанняў без адказаў. Дае, аднак, іх сваім спосабам. Ці я імкнуся распазнаваць Езуса ў штодзённых знаках? Ці заўважаю маленькія і вялікія цуды, якія Ён чыніць для мяне сярод звычайных падзеяў?
· Буду ўважліва слухаць словы Езуса, які пацвярджае пасланне Яна і хваліць яго паставу (пар. ст. 7 – 11), яго станоўчасць, сціпласць і пакору. За якія добрыя якасці Езус мог бы мяне пахваліць, а за што пасаромеў бы?
· У канчатковай размове буду горача прасіць Езуса, каб дапамог мне верна выканаць маё жыццёвае пакліканне. Успомню перад Ім мае самыя вялікія цяжкасці і буду паўтараць: “Езу, давяраю табе...”