deo_gratias: (Default)
[personal profile] deo_gratias

Адвэнт і (новая) традыцыя.

Колькі дзён таму* Касьцёл распачаў новы літургічны год. Распачаў пэрыядам Адвэнту. Традыцыйна гэта быў пэрыяд посту ў чаканьні прыйсьця Езуса Хрыста. Але гэтая традыцыя патроху зьнікае, відаць, дзеля сёньняшняй камэрцыялізацыі нашага жыцьця.

Калі я пераехаў у Штаты 25 год таму, ня быў яшчэ прызвычаены да гэткага падыходу да пэрыяда Адвэнту і Сьвята. Традыцыйна ў нашай хаце мы ўпрыгожвалі сьвяточную ялінку ў вігілію Божага Нараджэньня. Да гэтага часу мы ня слухалі/не сьпявалі калядных песень, увогуле не жылі як у сьвята. Сьвята распачыналі, уласна, ад вігілійнай вячэры і ўрачыстай Імшы ў ноч з 24 на 25 сьнежня.

Імкнучыся падтрымаць гэтую традыцыю ў новай айчыне, мы ігнаравалі ўсе праявы нахабнай рэклямы сьвяточнай прадукцыі, а раніцай 24 сьнежня выправіліся адмыслова, каб набыць ялінку, стойку, лямпачкі ды іншыя аксэсуары. На жаль, нас чакала расчараваньне: латкі са сьвяточнымі аксэсуарамі былі ўжо зьліквідаваныя. Аніякіх лямпачак, цацак, анёлкаў ужо няможна было купіць. Крыху больш пашанцавала нам зь ялінкай: хаця прадаўцы таксама спынілі сваю дзейнасьць, але тое, што яны не прадалі, можна было спакойна ўзяць проста з вуліцы: ялінкі ляжалі там ужо як сьмецьце.

На другі дзень Сьвята (які тут, дарэчы, ёсьць працоўным днём), шмат перад якімі дамамі былі ўжо выстаўленыя разабраныя ялінкі. Дзіва, што пастаўленыя яшчэ падчас сьвята Падзякі, яны не паабсыпалі ўсе свае голкі ў Адвэнце. Нашая ялінка, што стаіць, міргаючы лямпкамі, аж да сьвята Трох Каралёў, штогод выглядае, як выклік сумленьня, але нас гэта не турбуе. Мая сям’я распачынае сьвяткаваньне не да Божага Нараджэньня, але ад Божага Нараджэньня.

Але я схлусіў бы, калі б сказаў, што цяперашні стан рэчаў на нас ніякім чынам не паўплываў. Цяпер мы звычайна ўпрыгожваем ялінку і дэкаруем дом каляровымі лямпачкамі ў другой палове Адвэнту. Няма трагедыі ў тым, што дом зазьзяе трохі раней за вігілію. Звычаі, што пануюць сёньня, іначай выглядалі сто год таму, і праз сто год, напэўна, таксама будуць выглядаць інакш. Зрэшты, ня гэта істотна.

Адвэнт як пэрыяд чаканьня, павінен быць праўдзівым пэрыядам чаканьня. Само слова “Адвэнт” азначае “прыйсьце”, “надыход”. Гэта мусіць быць чаканьне чагосьці найцудоўнейшага. Дзень Нараджэньня Пана — гэта Дзень, якога чакаеш тужліва, якога проста ня можаш дачакацца. Тым часам найвялікшай праблемай сёньня ёсьць перанасычанасьць сьвяточнай сымболікай у Адвэнце аж настолькі, што калі сапраўды прыходзіць Сьвята, людзі маюць яго ўжо досыць. Калі на працягу ўсяго Адвэнту мы чуем калядныя песьні ў радыё і ў кожнай краме, бачым на кожным кроку тузін “сьвятых Мікалаяў”, што ж дзіўнага ў тым, што людзям хочацца выкінуць елку 25 сьнежня? Колькі ўрэшце рэшт можна сьвяткаваць. Але, мне здаецца, што нам усё ж удалося неяк аддзяліць гэтыя два пэрыяды. Як? Праз новую традыцыю, наладжаную ў нашым доме.

Пэўнага дня, абураныя тым фактам, што не Касьцёл, а гандаль дыктуе нам правілы паводзінаў у літургічных пэрыядах, для сябе вырашылі паводзіцца цалкам іначай. “Мы вырашылі” — гэта трохі гучна сказана; насамрэч, гэта вырашыў я, да роспачы астатніх членаў сям’і. Перад дзецьмі паўстаў выбар: альбо не аглядаць тэлебачаньне, альбо адмовіцца ад слодычаў. Так доўга яны выбіралі, штогадзіну зьмяняючы рашэньне, пакуль я, знэрваваўшыся, не зрабіў выбару сам. Выбраў абедзьве рэчы. Ня будзе ані слодычаў, ані тэлевізару. Больш здароўя з гэтага атрымаем.

Першы год было ў нас трохі плачу і скрыгатаньня зубоў, але неяк мы гэта перажылі. Дзеці ад нуды пачалі цікавіцца чытаньнем і сталі лепей вучыцца. Мы адлічвалі дзень за днём, што аддзялялі нас ад вігіліі і ад Сьвята і сапраўды тужліва іх чакалі. Але як жа нам пасьля такога посту ўсё смакавала! І якая файная была тая праграма пасьля чатырохтыднёвага жыцьця без тэлевізара!

У пэрыядзе Вялікага Посту мы паўтарылі гэты сама экспэрымэнт і так паўстала ў нашым доме новая традыцыя. Цяпер ніхто ўжо не пратэстуе і ніхто не зьдзіўляецца. Усе без загаду ведаюць, што падчас Адвэнту і вялікага Посту мы ня робім таго а таго. І, думаю, пачуваемся з гэтага добра. Апрача іншых плюсаў такога захоўваньня, такія традыцыі яднаюць і цэмэнтуюць сям’ю. Нікога больш ня трэба прымушаць. Кампутары — толькі для працы, не для чату. Яшчэ больш прачытаных кніжак, больш скінутых лішніх кілаграмаў. І папросту больш часу для таго, каб пабыць разам…

*Аўтар пісаў сваё паведамленьне ў другі дзень Адвэнту. А перакладчык — тормаз.

This account has disabled anonymous posting.
If you don't have an account you can create one now.
HTML doesn't work in the subject.
More info about formatting

Profile

deo_gratias: (Default)
deo_gratias

December 2011

S M T W T F S
    1 23
45 6789 10
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 20th, 2025 12:42 am
Powered by Dreamwidth Studios