![[personal profile]](https://www.dreamwidth.org/img/silk/identity/user.png)
Здаецца, дапамагло
разьмяшчэньне тут цудоўнай песенькі пра дожджык. Адразу сонейка зьявілася. Праўда, разам зь ім зьявіліся плёткі пра сонечную радыяцыю, ды куды ж ад яе падзенешся...
Памятаю, колькі год таму пэўная песенька Кірчука таксама дапамагла ўсталяваць добрае надвор'е (дакладней, у тым выпадку наадварот, – утрымаць яго).
"– Чаго ж, зімачка маразьлівая,
так рана наступаеш? –
Яй ня раненька, яй ня позьненька,
мне ужо пара прыйшла!"
Я сьпявала яе ціхенька аж да наступленьня каляндарнае зімы. І ўвесь кастрычнік, а нават амаль увесь лістапад аказаўся рэкордна камфортны: цёплы, з даўжэзнымі ценямі на асфальце, з добрымі фатакарткамі... А ў маім нататніку зьявіўся такі надпіс:
"Надзвычайна лагодная восень сёлета. Нарэшце спраўдзілася даўняшняя мара: выпраўляцца штодзень з дому ў лёгкім паліто, пад якім надзета нешта прыгожае і таксама лёгкае, і пры гэтым не пакутаваць ні ад холаду, ані ад гарачыні - лагодна, зручна, спрыяльна. Так прайшоў увесь кастрычнік. Першае лістапада, паводле статыстыкі, было ў нас рэкордна цёплым за апошнія сто год. (2000)"
Пра "Зімачку" Кірчука - нічога, але памятаю дакладна: я яе тады сьпявала!