Урачыстасьць Аб’яўленьня Панскага належыць да першых асьвячаных Касьцёлам урачыстасьцяў. На Ўсходзе першыя яе сьляды сустракаюцца ўжо ў ІІІ ст. Уласна ў гэты дзень Грэцкі Касьцёл адзначаў сьвята Божага Нараджэньня, але са значна пашыраным зьместам: як урачыстасьць Епіфаніі альбо зьяўленьня Бога на зямлі ў таямніцы ўцелаўленьня. На Захадзе ўрачыстасьць Аб’яўленьня Панскага датуецца з канца IV ст. (асобна ад Божага Нараджэньня).
У Трох Мудрацах першапачатковы Касьцёл бачыць сябе, язычніцкі сьвет, увесь чалавецкі род, сярод якога зьявіўся Хрыстус і які ў асобе сваіх прадстаўнікоў прыходзіць з усіх канцоў сьвету, каб аддаць Яму паклон. Дзеля падкрэсьленьня ўнівэрсальнасьці збаўчай місіі Езуса Хрыста здаўна хрысьціянская традыцыя паміж Мудрацоў зьмяшчае чарнаскурага. Унівэрсальнасьць збаўленьня акцэнтуе таксама назва сьвята, яго высокі ранг і ўсе тэксты літургіі сёньняшняга дня.
Сьв. Мацьвей краіну Мудрацоў называе агульным іменем: Усход. За часам зямнога жыцьця Езуса Хрыста пад Усходам разумелі ўвесь абшар на ўсход ад Ярдану, а менавіта Арабію, Бабілён, Пэрсію. Легенда пра афрыканскае паходжаньне аднаго з Мудрацоў сыходзіць з прароцтва Псальму:
“Каралі Тарсы і выспаў дары Яму панясуць; каралі Шэбы і Сабы прынясуць даніну. І ўсе каралі будуць Яму пакланяцца, усе народы Яму служыць будуць... І прынясуць Яму золата з Сабы” (пар. Пс 71)
Пад каралеўствам Шэбы разумелі Абісінію. На падставе таго ж тэксту паўстала таксама традыцыя, што Мудрацы былі каралямі. Так іх выяўляе таксама іканаграфія. Прарок Ісая ня піша наўпрост пра каралёў, якія маюць прыйсьці да Мэсіі, але кажа пра дары, якія тыя маюць прынесьці:
“...Усе яны прыбудуць з Сабы і складуць золата і кадзіла” (пар. Іс 60, 6)
Кадзіла і мірра былі ў той час на вагу золата. Належалі яны да найкаштоўнейшых дароў. Гэта была жывіца з рэдкіх гатункаў дрэва з моцным і добрым водарам. Іх запальвалі дзеля прыемнасьці ў палацах заможных.
Сьв. Мацьвей не падае таксама лічбы Мудрацоў. Фрэскі ІІ і ІІІ ст. з рымскіх катакомбаў паказваюць 2, 4 або 6 Мудрацоў. У сірыйцаў і армянаў іх выяўлялі ажно 12. Але ў традыцыі Касьцёла найбольш распаўсюджаная лічба Трох Мудрацоў на падставе лічбы прынесеных дароў. Гэтую лічбу мы сустракаем у цудоўнай мазаіцы ў базыліцы сьв. Апалінарыя ў Равэне (IV ст.). Першы хрысьціянскі пісьменьнік Арыген таксама падае гэтую лічбу. Толькі ў VIII ст. зьяўляюцца імёны Трох Мудрацоў: Каспар, Мэльхіёр і Бальтазар, якія зьяўляюцца досыць адвольнымі, нічым не пацьверджанымі.
Калі Мудрацы прыбылі да Сына Божага? Напэўна ўжо пасьля ахвяраваньня Яго ў сьвятыні. З загаду Ірада забіць дзяцей да 2-гадовага ўзросту вынікае, што Мудрацы прыбылі ў Бэтлеем, калі Хрыстус меў ужо некалькі месяцаў, а нават каля году. Мудрацы не засталі Хрыста ў стайні, бо пасьля перапісу насельніцтва Язэп мог зьняць сьціплае жытло ў Бэтлееме. Сьв. Мацьвей выразна піша: “І ўвайшоўшы ў дом, убачылі Дзіцятка з Марыяй” (пар. Мц 2, 11). Было ў ім вельмі бедна. Аднак Мудрацы “упаўшы, пакланіліся Яму”. У тыя часы падалі ніцма толькі перад вялікімі ўладарамі альбо ў сьвятыні перад боствамі. Мудрацы былі перакананыя, што Дзіця – будучы Кароль Ізраэля.
Паводле паданьня, якое аднак цяжка пацьвердзіць гістарычна, Мудрацы вярнуліся да сваёй краіны, а калі туды прыйшоў абвяшчаць Евангельле адзін з апосталаў, прынялі хрост. Легенда кажа пра тое, што яны нават былі ў свой час пасьвячаныя на біскупаў і панесьлі пакутніцкую сьмерць.
Ад XV-XVI ст. у касьцёлах сёньня пасьвячаецца кадзіла і крэйда. Крэйдай католікі адзначаюць дзьверы на знак таго, што ў гэтым памяшканьні прынялі Ўцелаўлёнага Сына Божага. Мы пішам на дзьвярах літары C+M+B, якія азначаюць імёны Трох Мудрацоў альбо таксама першыя літары лацінскай фразы Christus Mansionem Benedicat (Няхай Хрыстус бласлаўляе гэтае памяшканьне).
Зазвычай побач зь літарамі дадаём актуальны год.
