deo_gratias: (Default)
[personal profile] deo_gratias

Пасланне Яго Святасці Бэнэдыкта XVI на XIV Сусветны дзень хворага  

11 лютага 2006 г., у дзень успаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, адбудзецца XIV Сусветны дзень хворага. У мінулым годзе такі Дзень праходзіў у марыйным санктуарыі Мволье ў Яундэ, і з гэтай нагоды вернікі і іх пастыры ад імя ўсяго афрыканскага кантынента ізноў пацвердзілі свой пастырскі клопат пра хворых. Наступны Дзень пройдзе ў Адэлаідзе ў Аўстраліі, і там кульмінацыяй усіх мерапрыемстваў стане цэлебрацыя Эўхарыстыі ў катэдры святога Францішка Ксавэрыя, які быў нястомным місіянерам народаў Усходу. З гэтай нагоды Касцёл мае намер з асаблівым клопатам звярнуцца да тых, хто церпіць, і зноў прыцягнуць увагу грамадскай думкі да праблемаў, звязаных з псіхічнымі захворваннямі, ад якіх пакутуе пятая частка чалавецтва, у сувязі з чым яны патрабуюць неадкладных медыцынска-сацыяльных захадаў. Памятаючы пра ўвагу, з якою мой шаноўны Папярэднік Ян Павел ІІ ставіўся да гэтага штогадовага мерапрыемства, я таксама, дарагія браты і сёстры, хацеў бы духоўна прысутнічаць на Сусветным дні хворага, каб разам з удзельнікамі ўважліва разгледзець становішча псіхічна хворых людзей у свеце і заахвоціць касцёльныя супольнасці да дзейнасці дзеля сведчання ім пра ласкавую міласэрнасць Пана.

У многіх краінах пакуль няма адпаведнага заканадаўства ў гэтай сферы, а ў іншых адсутнічае канкрэтная палітыка ў галіне псіхічнага здароўя. Неабходна таксама адзначыць, што працяглыя ўзброеныя канфлікты ў розных рэгіёнах свету, наступствы жахлівых прыродных катастрофаў, распаўсюджванне тэрарызму акрамя таго, што забіраюць шмат ахвяраў, для многіх з тых, хто выжыў, з’яўляюцца прычынаю псіхічных траўмаў, якія вельмі цяжка паддаюцца лячэнню. У эканамічна развітых краінах узнікненне новых формаў псіхічных расстройстваў спецыялісты звязваюць з негатыўнымі наступствамі крызісу маральных каштоўнасцяў. Гэта павялічвае пачуццё самотнасці, аслабляючы і разбураючы традыцыйныя формы суіснавання ў грамадстве, пачаўшы з інстытута сям’і, выключаючы з жыцця хворых, асабліва псіхічна хворых, да якіх часта ставяцца як да цяжару для сям’і і для супольнасці. Тут я хачу аддаць належнае ўсім тым, хто па-рознаму і на розных узроўнях спрыяе таму, каб дух салідарнасці не заняпаў, але каб умацоўваўся ў клопаце пра нашых братоў і сясцёр, натхняючыся гуманістычнымі і евангельскімі ідэаламі і прынцыпамі.

У сувязі з гэтым я падтрымліваю кожнага, хто прыкладвае свае намаганні для таго, каб кожны псіхічна хворы мог атрымаць неабходнае лячэнне. На жаль, у многіх частках свету службы, прызначаныя для такіх хворых, адсутнічаюць, з’яўляюцца недастатковымі або знаходзяцца ў занядбаным стане. Сацыяльнае асяроддзе не заўсёды прымае псіхічна хворых людзей з іх абмежаванасцю, і з гэтай прычыны таксама бывае цяжка знайсці неабходныя чалавечыя рэсурсы і матэрыяльныя сродкі. Адчуваецца неабходнасць лепшага ўзаемадапаўнення двух падыходаў: адпаведнай тэрапіі і новай спагадлівасці перад абліччам хваробы, такім чынам, каб дазволіць тым, хто працуе ў гэтай сферы, больш эфектыўна выйсці насустрач хворым і іх сем’ям, якія самі па сабе не могуць належным чынам даглядаць сваіх блізкіх, што апынуліся ў цяжкім становішчы. Надыходзячы Сусветны дзень хворага — гэта добрая нагода для таго, каб праявіць салідарнасць з сем’ямі, якія маюць на ўтрыманні псіхічна хворых.

Цяпер я хачу звярнуцца да вас, дарагія браты і сёстры, якія церпіце ад хваробы, каб заклікаць вас разам з Хрыстом ахвяраваць ваш цяжкі стан і цярпенне Айцу з упэўненасцю, што любое выпрабаванне, прынятае з пакораю, заслугоўвае і прыносіць Божую ласку ўсяму чалавецтву. Я выказваю маю ўдзячнасць тым, хто дапамагае вам у спецыялізаваных цэнтрах, дзённых стацыянарах, у дыягнастычных і лячэбных аддзяленнях, і заклікаю іх прыкладаць усе намаганні, каб тыя, хто ў патрэбе, ніколі не засталіся без медыцынскай, сацыяльнай і пастырскай дапамогі, якая не парушае годнасці, уласцівай кожнай чалавечай істоце. Касцёл, асабліва праз служэнне капеланаў, не пакіне вас без сваёй дапамогі, усведамляючы сваё пакліканне абвяшчаць любоў і клопат Хрыста ў адносінах да тых, хто пакутуе, і тых, хто імі апякуецца. Душпастыраў, супольнасці і валанцёрскія арганізацыі я прашу падтрымліваць канкрэтнымі захадамі і ініцыятывамі сем’і, якія маюць на ўтрыманні псіхічна хворых. Я жадаю, каб у адносінах да іх развівалася і распаўсюджвалася культура прымаць і дзяліцца, дзякуючы ў роўнай ступені адпаведным законам і медыцынскім мерапрыемствам, для якіх будзе прадугледжана дастатковае забеспячэнне, каб яны мелі канкрэтнае прымяненне. Як жа неабходна займацца падрыхтоўкай і павышэннем кваліфікацыі персанала, які працуе ў такім далікатным сектары грамадства! Кожны хрысціянін у адпаведнасці са сваім уласным заданнем і асабістай адказнасцю пакліканы зрабіць свой унёсак у тое, каб была прызнаная, шанаваная і ўзвялічаная годнасць гэтых нашых братоў і сясцёр. Duc in altum! (Выплыві на глыбіню!) Гэты заклік Хрыста да Пятра і апосталаў я скіроўваю да касцёльных супольнасцяў ва ўсім свеце і асабліва да тых, хто прысвячае сябе служэнню хворым, каб яны з дапамогаю Марыі — Salus infirmorum (Аздараўлення хворых) — сведчылі пра дабрыню і айцоўскі клопат Бога. Няхай Найсвяцейшая Панна ўмацоўвае тых, хто пакутуе ад хваробы, і падтрымлівае тых, хто, як добры самарытанін, аблягчае іх цялеснае і духоўнае цярпенне. Абяцаю пра кожнага памятаць у малітве і з радасцю ўдзяляю ўсім маё благаслаўленне.

Ватыкан, 8 снежня 2005 г.

BENEDICTUS PP. XVI

Пераклад рэдакцыі часопіса “Ave Maria”

This account has disabled anonymous posting.
If you don't have an account you can create one now.
HTML doesn't work in the subject.
More info about formatting

Profile

deo_gratias: (Default)
deo_gratias

December 2011

S M T W T F S
    1 23
45 6789 10
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 7th, 2025 02:28 pm
Powered by Dreamwidth Studios