
У суботу заплянавала адпачнуць, заняцца сабой і трохі парабіць рэклямных модуляў для маёй трэцяй працы. Але высьветлілася, што ў суботу Валера застаецца ў краме сам і мне давядзецца працаваць разам зь ім. Папратэставала трохі, але пагадзілася. Праўда, перад працай у краме пасьпела забегчы ў цырульню/саляры (у Валераву краму спазьнілася на гадзіну!). У салярыі, відаць, старыя лямпы, бо ад 8 хвілінаў эфэкт быў невялікі. Буду шукаць іншы. Папрасіла пастрыгчы мяне пакарацей. Атрымалася амаль налыса. Ня сьмейцеся. З такой фрызурай вельмі пасуюць дэкальтаваныя сукенкі і сарафаны да зямлі. Добра было бы пашыць, але, прадчуваю, пакуль я дам рады, пасьпею тры разы абрасьці.
Працоўны дзень атрымаўся спакойным, без скандальных кліентаў, якія прыходзяць у музычную краму і просяць "што-небудзь такое, як Эмінэм, але не такое", "што-небудзь, каб мяне закалбасіла", "што-небудзь у машыну" і г.д. А калі ім гаворыш "ня ведаю, што Вам трэба", парыруюць: "А нашто вы тут стаіцё?".
Прыйшлі мае ўлюбёныя кліенты - маладая сям'я зь немаўляткам. Яны пачалі хадзіць у гэтую краму яшчэ паўгоду таму. Вычыталі недзе, што цяжарным карысна слухаць клясычную музыку, а самі, здаецца, не асабліва ў ёй разьбіраліся. Нарваліся на мяне (даўней я часьцяком дапамагала Валеру па суботах), а я там лічуся лепшым спэцыялістам па клясыцы, хаця не пераслухала і 1/3 з таго, што там ёсьць. Пачалі выбіраць разам што-небудзь інструментальнае, неагрэсіўнае і нетужлівае. Так з узаемнай падачы мы шмат чаго пазналі і шмат на што падселі. Яны ня любяць складанак, а калі бяруць, напрыклад, клявірныя сачыненьні Бетховэна, дык іх не засмучае, што там сэрыя з 8 кружэлак. Заўсёды пакідаюць у краме шмат грошай - нядзіва, што прадаўцы любяць такіх кліентаў. Немаўлятка ў іх нарадзілася - чысты анёлак! Вялікі аматар клясыкі - скрынку пагрызьці (ледзь адабралі).
Прыходзіў таксама адзін кінарэжысэр, прозьвішча якога я ня памятаю, мы яго называем "Валерчык". Фантазіявалі на тэму, як бы зьняць сэрыял аб нашай краме. Мне бы хацелася, каб гэта было штосьці накшталт "Дзяжурнай аптэкі", ці "Sklepa Mopatopa". Акторамі будуць наведвальнікі - выпадковыя і пастаянныя. Над сцэнарамі можна не высіляцца - яны самі прыходзяць.
Увечары, перад закрыцьцём, папрыходзілі сябры, якім мы заўсёды радыя.
У нядзелю выспалася на тыдзень наперад. Аж занадта- да 9.26. Калі гэтак доўга сьпіш, пачынае сьніцца ўсялякая муць. Вось і мне прысьнілася, быццам мы з Валерам патрапілі ў нейкую "свабодную эканамічную зону", якая насамрэч аказалася велізарным кірмашом, але там была чамусьці свая адмысловая валюта, якую можна было тамсама набыць за даляры. І ўсё было вельмі танна. Сустрэла там былую прыяцельку, зь якой калісьці вучыліся разам у вучэльні і якую я насамрэч ня бачыла гадоў 7. Яна дэманстратыўна зрабіла выгляд, быццам мяне ня знае. Я пытаюся: "Ты на мяне пакрыўджаная? За што?" А яна: "Ну, пакрыўджаная, а за што - не скажу!.." Я панавыбірала сабе розных тавараў, але набыць не пасьпела - прачнулася.
Пасьля Імшы ў маім касьцеле схадзіла яшчэ да Катэдры - запісацца ў будслаўскую пілірымку. Я ўсё ж цешуся, што зноў іду зь Менскам, хаця сёлета я была вырашыла ісьці зь Віцебскам (там шлях больш цяжкі), але потым перадумала.
Нарэшце паглядзела кліпы Лінды. Музыкі ейнай я не аматар, але кліпы ў яе прыгожыя. Асабліва мне падабаецца "Варона".
Паглядзелі францускі фільм "Я страшненькая". Так сабе.
Выходныя прайшлі не дарма.