Відаць, Ганчына малітва ў Бярдзічаве не была дарэмнаю: яшчэ ўчора я раптам прыняла рашэньне, што ахвяруюся, у ніякія Польшчы ў жніўні не паеду, але з панядзелка распачну пошукі працы. :))
Але візу ўсё ж-такі на ўсялякі выпадак вырашыла зрабіць, схадзіла сфатаграфавалася. Каштуе гэтая паслуга неяк незаслужана: амаль 5 тыс за 4 фатакарткі. Пакуль дзядзька настройваўся, я зрабілася бліскучая ад сафітаў. Такая і на здымку выйду...
Калі віза прападзе — і ладна. Кажуць, што дзейнічае яна паўгоду, дык, быць можа, за гэты час што-небудзь намалюецца цікавае.
А вось з працай — кранты. Патэлефанавала ў адну фірму, просяць рэзюмэ. Ды што, кажу, Вы там цікавага хочаце ўбачыць? Былыя месцы працы — адказваюць. Ёлкі, ды нашто ім тыя месцы працы? Хіба, тэлефанаваць туды будуць, пытацца, што я за спэцыяліст... А што тыя скажуць у адказ? Ці памятаюць яны мяне? І скуль яны ведаюць, наколькі падвысіўся ці панізіўся мой прафэсійны ўзровень за час "пасьля іх", калі я бадзялася па розных фірмах і арганізацыях, набіраючыся досьведу?
Не разумею я людзей. Дык дайце чалавеку заданьне і калі ня будзеце задаволеныя — адпусьціце ў супакоі. Існуе жа, зрэшты, выпрабавальны тэрмін...
Месяц таму я была дамовілася з "Дзелавой ініцыятывай", што вось, ужо ад панядзелка — на працу. Потым тэлефануе мне дзядзька і кажа: нашыя пляны наконт вас зьмяніліся. Што здарылася? Ці адразу пасьля мяне прыйшоў хлопец (яны больш хацелі хлопца на гэтае месца), ці яны сапраўды патэлефанавалі на адно з былых месцаў працы і там пра мяне якую-небудзь гадасьць сказалі???
Чаму я пра гэта ўвогуле пішу? Бо заўважыла сёньня сьвежую абвестку ад "Дз.І." Зноў дызайнэра шукаюць. Не пашэнціла з хлопцам, ці хлопцу зь імі? У іх жа тэрмін выпрабавальны тры месяцы!