РАШЫЦЦА ЖЫЦЬ ЕВАНГЕЛЛЕМ
Аб шчырым і моцным жаданні навяртання.
1. У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай
2. і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
3. Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: «голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».
4. А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
5. Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае
6. і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.
7. Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
8. Прынясеце ж годны плод пакаяньня;
9. і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
10. ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь;
11. я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
12. лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць вагнём непагасным.
· Буду ўглядацца ў незвычайную паставу Яна Хрысціцеля, які з моцай абвяшчае прыход Збаўцы. Захаплю малітвай свой зрок, слых і ўяўленне, каб асабіста сустрэцца з Божым рупліўцам.
· Асоба Яна Хрысціцеля прыцягвае людзей сваім радыкалізмам і бескампраміснасцю. Ён з’яўляецца чалавекам пустыні і малітвы. Яго стыль жыцця, а таксама выказванні з перадачай Слова робяць так, што людзі бачаць у ім прарока і вызнаюць перад ім свае грахі. Ён здабывае аўтарытэт нават сярод грамадскіх і рэлігійных эліт (пар. ст. 5 – 7).
· Што я магу сказаць аб маёй асобе, як аб вучні Хрыста? Ці магу быць радыкальным і бескампрамісным у справах веры і рэалізацыі свайго паклікання? Ці ў маім стылі жыцця і паслугі я не іду на кампраміс?
· Звярну ўвагу на тое, што Ян Хрысціцель вымаўляе вельмі цяжкія і непапулярныя словы. Не дбае пры гэтам аб уласнай рэпутацыі і славе. Зло называе па імені. Выкрывае, асабліва, павярхоўнасць рэлігійнага жыцця (ст. 9).
· Затрымаюся даўжэй на словах: “Ужо сякера да карэння дрэў прыкладзеная...” (ст. 10). Буду слухаць гэтыя словы, сказаныя для мяне гвалтоўным тонам. Што з’яўляецца галоўным карэннем маіх грахоў? У чым найбольш патрабую навяртання? Выкажу гэта шчыра перад Езусам.
· Ян усім сабой быў настаўлены на прыход Збаўцы. Не засланяў сабой Езуса. Жадае разбудзіць у людзях жаданне сустрэчы з Месіяй. падкрэслівае, што Езус мацнейшы за Яго (ст. 11 -12).
· У малітве заступніцтва буду прасіць Яна Хрысціцеля, каб дапамагаў мне станавіцца адважным і радыкальным у маіх кроках да Езуса. Буду паўтараць: “Езу, хачу быць Табе верным, як Ян Хрысціцель”.