"Мой ідал. Мой бажок". Спроба перакладу
Nov. 6th, 2005 11:32 pm![[personal profile]](https://www.dreamwidth.org/img/silk/identity/user.png)
Спадабаўся мне гэты артыкул-споведзь галоўнага рэдактара часопіса "FRONDA". Вырашыла ператлумачыць, мо' каму цікава пачытаць будзе, а за адно ацаніць мае сьціплыя перакладніцкія здольнасьці. Тэкст са скаротамі.
Есть И ПО-РУССКИ, но что-то мне не очень нравится. Всё-таки на религиозные темы я по-русски слабо умею. Но если интересно — могу поместить.
МОЙ ІДАЛ, МОЙ БАЖОК
Паўзмрок сьвятыні, бляск сьвечак, пах кадзідла. І голас сьвятара, які пытаецца ў вернікаў: “Што ёсьць тваім бажком?” Пералічвае: улада, грошы, сэкс, кар’ера, праца, сям’я… Літанія ідалаў сканчаецца, але я так і не распазнаў свайго бажка. Ксёндз кажа: “А цяпер ня будзеш мець багоў, чужых Пану. Вырачыся свайго ідала!” Ліхаманкава думаю: “Дык чаго ж я маю вырачыся?” І раптам мяне працінае з усёй рэчаіснасьцю думка, што гэта ж я сам зьяўляюся для сябе бажком. Маім ідалам – маё ўласнае “я”. Усё астатняе – улада, сэкс ці грошы – гэта толькі багі меншыя, якія служаць таму найважнейшаму, сілкуючы новымі досьведамі і здабычамі цмока эгаізму, пыхі і марнасьці, які дрэмле ўва мне.
І цяпер я маю яго вырачыся? Адмовіцца ад свайго “я”?
Панядзелак.
Я.
Аўторак.
Я
Серада.
Я.
Чацьвер.
Я.
В. Гамбровіч
…
Начное чуваньне дасягнула ўжо канца, але я пачуваўся нейкім недамоленым. На працягу гэтых некалькіх гадзінаў я бачыў столькі цудоўных аздараўленьняў, роўна як фізычных, так і духовых, што перапаўняла мяне ўдзячнасьць за ўсё тое, сьведкам чаго я тут быў. Надыйшла пятая гадзіна раніцы, людзі павыходзілі з касьцёла, а я пайшоў да капліцы і пачаў у самоце маліцца. У пэўным моманце папрасіў Бога аб Крыжы і ажно сам зьдзівіўся з таго, што сказаў. Было такое ўражаньне, што гэтая просьба ня выйшла зь мяне, але была ўкладзеная мне ў вусны.
Месяцам пазьней я рыхтаваўся да наступнага чуваньня, але замест яго апынуўся ў шпіталі з падазрэньнем на гематому ўнутры чэрапа. У той час, як у касьцеле трывала чуваньне, я маліўся ў шпітальным ложку. Тады ж прыйшлі да мяне словы: “Ты прасіў аб Крыжы. Ці прымеш цяпер гематому мазгоў?”
Гэта была найцяжэйшая ноч у маім жыцьці. Я ведаў, што мне не ўцячы ад адказу на гэтае пытаньне. Коўдра была цалкам мокрая: так я спацеў са страху. Уяўляў сабе розныя сцэнары маёй будучыні: трапанацыя чэрапа, параліч, вегетацыя ў постаці чалавека-расьліны, сьмерць у пакутах… Я ў роспачы чапляўся за малітву.
Ад тае пары ведаю, што ніхто з уласных сілаў ня ў стане адрачыся свайго “я”.
Наступнага дня лекары мне сказалі, што нічога страшнага няма, і адпусьцілі дадому.
Ці гэтага цмока эгаізму можна раз і назаўсёды пазбавіцца, прыбіўшы яго, бы таго вампіра, асінавым калом, каб больш н паўстаў? Альбо давядзецца змагацца зь ім на працягу цэлага жыцьця, а ў яго замест адной адсечанай галавы будуць адрастаць новыя тры? Ці сапраўды я выракся гэтага свайго “я”, калі гэта сказаў ня я, але НЕХТА ўва мне? Тое, што мы ахвяруем Богу сваімі вуснамі, можам лёгка вымавіць, але як пераканацца, што сапраўды ахвяравалі Яму гэта ў сваім сэрцы? Ці ведаю я сябе настолькі, каб сьцьвердзіць упэўнена, што маё адданьне – хаця б толькі ў тым адным моманце – было цалкавітым? Нават калі я сьвядома нічога ня ўкрыў перад Богам і перад сабой, ці няма ўва мне чагосьці, схаванага ад мяне самога?
…
Аднойчы дзіцяткам, я тануў у возеры. Памятаю, як за некалькі сэкундаў перад вачыма, як у калейдаскопе, прамільгнулі розныя сцэны з майго жыцьця. Цяпер жа я атрымаў гэткую рэтраспэктыву падчас малітвы. Раптам убачыў па чарзе моманты, у якіх я ашукваў людзей. Затым былі сцэны, калі я асуджаў іншых. Пазьней убачыў тыя сытуацыі, у якіх я выкарыстоўваў людзей. І чым бліжэй для мяне быў чалавек, тым больш “інструмэнтальным” было маё да яго стаўленьне. І калі я кагосьці не выкарыстоўваў, гэта значыць, той чалавек ня быў мне дастаткова блізкі. Але больш за астатніх я ашукваў, асуджаў і выкарыстоўваў Таго, Хто аказаўся мне найбліжэйшы.
– Як выглядае маё сапраўднае “я”? Прашу, пакажы мне яго.
Цішыня.
Прыгадваю сабе, што Езус адказаў сястры Фаўстыне, калі тая папрасіла паказацьЯго, якая ёсьць грэшная. Хрыстус адмовіў ёй, бо калі б Ён паказаў тое, што прасіла, яна ўразілася бы да сьмерці. Сястра Фаўстына…
– Прашу, пакажы мне столькі, колькі здолею вытрываць.
Трымае мяне за руку. Спускаемся ўніз, усё ніжэй і ніжэй. Сыходзім на самае дно душы. Я бачу ўнізе велізарную пячору, на дне якое колам стаяць некалькі каменных фігурак, яны атачаюць штосьці ў цэнтры. А ў цэнтры… няма нічога. Толькі па пэўным часе я здагадаўся, што там знахозіцца пылак, пункцік, мікраэлемэнт, які ва ўвесь голас крычыць, што ён ёсьць цэнтрам сусьвету.
– Чаму я такі неспакойны?
– Бо асуджаеш іншых.
– Чаму я асуджаю іншых?
– Бо ня знаеш самога сябе.
Дыялёгі Айцоў Пустыні.
Чалавек можа пачувацца пустым, напружаным, нікчымным, але ёсьць ратунак. Падчас генэральнай споведзі я адчуў ласку прабачэньня, паяднаньня з Богам, а таксама шчасьце і паўнату душы. Зразумеў праўдзівасьць словаў сьв.Аўгусьціна, што неспакойнае сэрца маё, аж пакуль не спачне ў Богу. Прорва паміж гэтым досьведам і мажлівасьцю выразіць яго словамі – велізарная.
Цяпер я ведаю, што я грэшнік не таму што грашу, але грашу таму што я грэшнік. Калі ж не грашу, у тым няма аніякай маёй заслугі. Гэта Пан Бог не дапускае мяне да такой аказіі. Штодзень змагаюся, падаю, падымаюся, але давяраю той Надзеі, у Якую паверыў.
паводле Grzegorz Górny. „Mój idol, mój bożek” FRONDA nr 33
no subject
Date: 2005-11-06 11:27 pm (UTC)ПРЫГОЖАЯ