deo_gratias: (Default)
[personal profile] deo_gratias
Зь Вікіпедыі: "Валачо́бнікі - група мужчын (часам з жанчынамі), якія ў першы дзень пасля Вялікадня зь вечара і ўсю ноч абходзілі двары і сьпявалі пад вокнамі валачобныя песьні...
Валачобны гурт складаўся запявалы ("пачынальніка"), падпявальнікаў, музы́кі (звычайна скрыпача) і механошы, які зьбіраў дары ("валачобнае" - фарбаваныя яйкі, вялікодныя булкі, сыр, невялікія грошы). Валачобны абрад, пашыраны пераважна на Поўначы і Ўсходзе Беларусі, цяпер страціў аграрна-магічны сэнс і бытуе як вясёлая сьвяточная забава."

Праўда, мужчын на гэтае мерапрыемства нам раскруціць не асабліва ўдалося, таму ў нас была "група жанчын, часам з мужчынамі" ))) Таксама мы адступілі ад канонаў адносна часу сутак: пайшлі каля 16 вечара, каб пасьля пасьпець на апошнюю электрычку. Курт наш хадзіў па дварах упершыню, таму напачатку саромеўся. Але людзі шчыра радаваліся, называлі нас малайцамі, казалі, што мы прынесьлі добры настрой, і шчодра нас адорвалі. Вельмі важна, што сьвяткаваньне Вялікадня прыйшлося ў адзін дзень для ўсіх хрысьціянскіх канфесій: можна было заходзіць у кожны дом, ня думаючы пра тое, католікі там ці праваслаўныя, сьвяткуюць там ці яшчэ посьцяць.

Падчас маёй вучобы ў пед. вучэльні на ІІІ курсе ў нас быў конкурс беларускіх народных звычаяў і нашай групе дасталіся акурат "Валачобнікі". Але я з таго досьведу памятаю толькі тое, што мы зь Людкай як самыя высокія былі апранутыя мужыкамі і танчылі зь дзяўчатамі польку. Таксама памятаю, што "хадзілі па хатах" і ў адной зь іх "выганялі нячыстую сілу" )) Нячысьціка грала Вера К., якая цяпер завуч адной з раённых школ ))) Так што досьвед мой не прыдаўся ані. Адну песьню ўзгадала з рэпэртуара Івана Кірчука ("А сьвяты Юрай, дзе ж ты бываў"), рэшту ўзяла з усяведнага інтэрнэту.

Былі мы ўсе невыспаныя пасьля Велікодных набажэнстваў, прыехалі, нібы тры вялыя агуркі. А пасьля добрага Райчынага абеду нас увогуле размарыла. Песьні развучваць не хацелася, настрою не было. Але ён імгненна ўзьнік падчас грымаваньня, і больш не зьнікаў, аж да самога дому )))


Перад адказным мерапрыемствам трэба набрацца сіл




Грымаваньне. Наша гвЯзда Юля :)



Папраўдзе я ня ведаю, а ці трэба ўвогуле выдзелывацца з грымам і вопраткай на "валачобнікаў", ці толькі на Каляды. Але было весела. І вельмі цёпла!


"Гаспадынечка-журавіначка" Рая, наш заўсёды галоўны арганізатар ))


Сарамлівы Алесь :)


У адной хаце бабулька распавядала, як і яны малымі хадзілі па хатах. "А адзін дзядзька нас прагнаў, і было так непрыемна, што дагэтуль памятаю. Усе даўно папаміралі, а гэтае непрыемнае ў памяці засталося." На што мы выказалі спадзяваньне, што прынесьлі з сабой добрую памяць :)


У іншай хаце нас вучылі "правільна сьпяваць". Песьня зусім не вясёлая, але з моцным тэкстам, пра тое, што Хрыстос нас збавіў і сьмерць нам больш ня страшная. Пазьней гэтай жа песьні нас вучыў п'яны дзядзька на вуліцы.



сімвал новага жыцьця


Наша мерапрыемства было не адно вясёлай забаваю. З другой па ліку хаты апроч ласункаў мы вынесьлі інтэнцыю малітвы за цяжка хворага Ўладзіміра і яго жонку Галіну. Увогуле бачылі розныя хаты, розныя лёсы, розныя беды. І ўсюды — добрых, адкрытых людзей.


Адорвалі нас шчодра, але механоша ў нас быў моцны ))






А гэта йа, Салоха :)


На гэтай цікавай вулачцы была апошняя кропка нашага падарожжа. Але ж вялікая вёска Краснае, скажу я вам! ))

Здаецца, яйкамі ды булкамі я наемся на год наперад ))

Date: 2011-04-25 11:20 pm (UTC)
From: [identity profile] kurt-bielarus.livejournal.com
Пожалуйста!
Обращайтесь, есть такие же белые и зеленые :)))

Date: 2011-04-25 11:21 pm (UTC)
From: [identity profile] el-perro.livejournal.com
Вот соберусь в Москву в июне и немедленно закажу себе такую.

Profile

deo_gratias: (Default)
deo_gratias

December 2011

S M T W T F S
    1 23
45 6789 10
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Style Credit

Expand Cut Tags

No cut tags
Page generated Jul. 5th, 2025 08:54 pm
Powered by Dreamwidth Studios